Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Як можа выглядаць рэканструкцыя гарадзішча X ст. у Сабалях

8  Января 2013 г.  в 14:08, показов: 2255 : Брестская область


Як вядома, кампанія Юрыя Чыжа «Трайпл» выдаткуе на будаўніцтва этнаграфічнага комплексу ў вёсцы Сабалі ў Брэсцкай вобласці $ 15 млн да 2015 года, што прадугледжана ўказам прэзідэнта № 369 ад 20 жніўня 2012 года. Інвестыцыйны праект па стварэнні турыстычнага культурна-этнаграфічнага комплексу «Наш родны кут Сабалi» на тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці будзе рэалізаваны з 2012 па 2015 год.

Анатоль Жалудко, аднавясковец Юрыя Чыжа з’яўляецца ініцыятарам стварэння этнаграфічнага турыстычнага комплексу “Наш родны кут Сабалі” ў Бярозаўскім раёне і ўладальнікам унікальнага музея этнаграфіі Палесся.

Некалькі аб’ектаў паказу знаходзяцца па-за вёскай Сабалі. Адзін з іх — гэта дуброва Гарадзішча па другі бок шашы М1, прыкладна пасярэдзіне адведзенага пад комплекс надзелу. У дальнім ад трасы канцы дубровы знаходзіцца пагорак, які даў ёй назву. Анатоль Жалудко мяркуе, што гэтае месца мела асаблівую функцыю:

"Гэтая гара — магчыма, была гарадзішчам балотнага тыпу. Падчас набегаў мясцовае насельніцтва, якое абрабляла палі навокал, збягалася сюды. Хутчэй за ўсё, яно было нежылое, было толькі абарончым аб’ектам. У палях навокал археолагі і я знаходзілі артэфакты: і мезаліт, і неаліт, і жалезны век, фібулы, прасліцы, кераміку…".

Напэўна, калісьці там было таксама старажытнаславянскае капішча, і варта было б яго аднавіць, мяркуе спадар Жалудко. 
 

Дзякуючы таму, што адкрылася фінансаванне, у дуброве ў верасні прайшоў першы тур археалагічных раскопак. Капалі адмыслоўцы з Акадэміі навук. Адзін з іх, Вадзім Белявец, распавёў:

– Было папярэдняе шурфаванне. Знойдзеная кераміка, іншыя артэфакты сведчаць, што хутчэй за ўсё ў дуброве каля Сабалёў знаходзіцца поліфункцыянальнае гарадзішча-прытулак канца Х – ХІ стагоддзяў. Адной з функцый яго, паводле аналогіі з іншымі падобнымі аб’ектамі, магла быць рэлігійная. Знойдзены наканечнік стралы належыць да Ранняга Сярэднявечча, бронзавы кінжал, хутчэй за ўсё, да позняга бронзавага – ранняга жалезнага вякоў. Відавочна, што гарадзішча пабудаванае на больш раннім помніку.

Дык як жа выглядала старажытнае славянскае гарадзішча X стагоддзя і пад якія мэты яго б можна было выкарыстоўваць сёння? Адказ на гэтае пытанне даюць фотаздымкі аналагічнага збудавання, якое было нядаўна адноўлена ў Нямеччыне.

Як можа выглядаць рэканструкцыя гарадзішча X ст. у Сабалях

Дзівосная драўляна-земляная архітэктура.

Як можа выглядаць рэканструкцыя гарадзішча X ст. у Сабалях

У гарадзішча вялі вароты-тунэлі.

Як можа выглядаць рэканструкцыя гарадзішча X ст. у Сабалях

Цяпер тут можна праводзіць сустрэчы і вяселлі.

Як можа выглядаць рэканструкцыя гарадзішча X ст. у Сабалях

Зверху гарадзішча выглядала амаль як твор Німеера.

Як можа выглядаць рэканструкцыя гарадзішча X ст. у Сабалях

Так будавалі й нашы продкі.

У рэканструяваным славянскім гарадзішчы Х стагоддзя цяпер музей. Вонкава гарадзішча выглядае, як і тысячу гадоў таму, калі славяне бараніліся ад націску немцаў. Але ўнутры гэта сучасныя памяшканні з рэстаранам, музеем і заламі для сустрэч.

Гарадзішча мае 58 метраў у дыяметры. Будаваліся такія замкі з дубовых камлёў, якія клалі ўдоўж і ўпоперак ды счаплялі сукамі, каб не расцягнуць было. Дубовую аснову засыпалі пяском ды глінаю. У сцяне было двое варотаў. Унутры быў калодзеж.

Такіх славянскіх замкаў у Нямеччыне адкрыта каля 140. Як мяркуецца, славяне прыйшлі на землі між Эльбай і Одрай каля VI ст. у часе вялікага перасялення народаў. Славяне трымаліся да Х ст., а пасля пачалася ўсё большая германізацыя. Немцы раней прынялі хрысціянства і стварылі моцныя дзяржавы, а славянскія плямёны жылі адасоблена і па старынцы.

З усіх славянскіх плямён усходняй Нямеччыны сваю тоеснасць захавалі толькі лужычане. Дзякуючы свайму суседству з Польшчай на ўсходзе і чэхамі на поўдні яны часам траплялі пад уладу гэтых дзяржаваў. Астатнія славяне растварыліся ў нямецкім моры.

У Нямеччыне дагэтуль захоўваюць свае традыцыі і мову каля 60 тысяч лужычан. Нямецкая дзяржава цяпер фінансуе іх культурную дзейнасць, СМІ і гістарычныя даследаванні.

Источник информации: http://




Система Orphus