Дзевяць гадоў таму адзін з аўтараў вядомай кнігі "Краіна Беларусь" Зміцер Герасімовіч скардзіўся: "Вельмі многа апрацаванага матэрыялу, на жаль, не ўвайшло ў выданне. Проста не хапіла месца". Праца мастака не прайшла дарма: у 2012 годзе ён разам з пісьменнікам Уладзімірам Арловым выдаў працяг "Краіны". Ён называецца "Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя". Першая прэзентацыя кнігі прайшла ў Мінску 6 жніўня. Як раз у дзень, калі споўнілася 495 гадоў выдання першай друкаванай беларускай кнігі – скарынаўскага "Псалтыра". У мінулую сераду Уладзімір Арлоў прэзентаваў трохкілаграмовы фаліянт у Брэсце, у сценах абласной бібліятэкі імя Горкага.
Арлоў адразу пажартаваў наконт вагі выдання: "Чаму такая цяжкая? Калі ўжо не хопіць 320 старонак тэксту і 2000 ілюстрацый, каб пераканаць каго-небудзь у тым, што наша краіна раней называлася ВКЛ, то можна, замахнуўшыся, і кнігай прыстрашыць! Выглядае вельмі пераканаўча!"
А потым ужо працягнуў гаворку з чытачамі на поўным сур’ёзе: "Кніга з’яўляецца працягам выдання “Краіна Беларусь”, якое ўжо стала бібліяграфічным рарытэтам. Гэта кніга пра самую цікавую і важную эпоху гісторыі – пра эпоху Вялікага княства Літоўскага. Галоўная ідэя выдання ў тым, што мы, беларусы, гістарычна, культурна, ментальна – еўрапейскі народ. У нас было ўсё тое, што і ў краінах, якія належаць да еўрапейскай цывілізацыі. Яна пра Магдэбургскае права нашых гарадоў, пра эпоху Рэнесансу і эпоху Рэфармацыі, пра Статуты ВКЛ. У прыватнасці, пра Статут 1588 года, які быў прызнаны сучаснікамі самым дасканалым зводам законаў у тагачаснай Еўропе. Дарэчы, гэты Статут, як выдатны помнік юрыдычнай думкі, на працягу цэлага семестра вывучаюць на спецкурсе студэнты юрыдычнага факультэта Сарбонскага ўніверсітэта… У нашай кнізе ідзе гаворка пра тое, што беларусы дзякуючы Францыску Скарыну чацвёртымі ў хрысціянскім свеце атрымалі друкаваную Біблію на сваёй мове. Нас апярэдзілі толькі італьянцы, чэхі і немцы. Адным сказам – мы былі ў ліку перадавых народаў Еўропы ў тыя часы".
Па словах аўтара, галоўная асаблівасць кнігі ў тым, што яе храналагічныя межы не завяршаюцца 1795 годам, "калі спыніўся гістарычны гадзіннік ВКЛ пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай". 16 з 70 раздзелаў прысвечаны пазнейшым падзеям – XIX і XX стагоддзяў. У іх ідзе гаворка пра тое, што ідэя ВКЛ жыла і далей. Яна натхняла новыя пакаленні патрыётаў, якія зноў і зноў рабілі спробы адраджэння дзяржаўнасці. Напрыклад, у 1811 годзе група ліцвінскіх магнатаў на чале з Міхалам Клеафасам Агінскім падала імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ з канстытуцыяй. Годам пазней княства на кароткі тэрмін было адноўлена падчас напалеонаўскай кампаніі.
Ідэю ВКЛ Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч шукаюць і ў ХХ стагоддзі. Напрыклад, прыадкрываюць мала вядомыя шырокаму колу чытачоў старонкі гісторыі: пішуць пра дзяржаву Сярэдняя Літва, што існавала ў 1920-22 гадах, альбо пра 40 дзён 1939 года, на працягу якіх Вільня і Віленшчына належалі Беларускай ССР. І толькі потым у выніку змовы Сталіна і Гітлера гэтыя землі былі перададзены Літве. Прычым кіраўніцтву Беларускай ССР аб гэтым нават і не паведамілі…
"Ідэя ВКЛ працягвае жыць і сёння, – працягвае гаворку Уладзімір Арлоў. – Я, калі першы раз адпраўляўся ў ЗША, то трошкі пахуліганіў і напісаў у эміграцыйнай картцы краінай свайго нараджэння літары V.K.L. Не паверыце – уехаў у Штаты абсалютна спакойна".
Дарэчы, і ў кнізе аўтары імкнуліся адыходзіць ад акадэмічнага стылю. Выкарыстоўванне гістарычных анекдотаў – таму пацверджанне. "Гістарычны анекдот – гэта дасціпны аповед пра нейкую падзею, ён часам можа сказаць пра сваю эпоху больш за цэлую манаграфію, – разважае пісьменнік. – Напрыклад: у 1812 годзе пад Віцебскам Напалеон пытаў у беларускай бабулі: "Каму ты, бабуля, жадаеш перамогі ў гэтай вайне – французам ці расейцам?" Мудрая беларуская бабуля кажа: "Хачу, каб вы загналі расейцаў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы".
Прэзентаваў Уладзімір Арлоў і яшчэ дзве свае новыя кнігі – "Пакуль ляціць страла", пабудаваную на пытаннях чытачоў і адказах пісьменніка, і зборнік паэзіі "Свецяцца вокны, ды нікога за імі". Асаблівая прыкмета паэтычнага выдання ў тым, что кніга выйшла ў дзвюх версіях беларускага алфавіта: кірыліцаю і лацініцаю. "Гэта каб не забываліся беларусы сваёй лацінкі, якая налічвае шмат стагоддзяў, – разважае пісьменнік. – Тая ж "Хроніка Быхаўца" была цалкам пісаная лацінкай. Гэтымі літарамі ў свой час пісалі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч. Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету "Мужыцкая праўда".
"Адкуль такая літаратурная плённасць у 2012-м?" – пытаюся ў аўтара. "Можа, ад таго, што сёлетні год абвешчаны Годам кнігі?" – усміхаецца аўтар і пачынае сваю традыцыйна працяглую аўтограф-сесію.
Азнаёміцца з новымі кнігамі Уладзіміра Арлова можна ў бібліятэцы імя М. Горкага. А "Вялікае княства Літоўскае" ўсе жадаючыя могуць набыць і ў берасцейскіх кніжных крамах.
Александр Кульбака, Вечерний Брест. Фота: Мікалай Чаберкус