Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Берасцейцы прымаюць удзел у фестывалі “Кліч Палесся”, які стартуе сёння ў Ляскавічах

25  Августа 2012 г.  в 18:03 : Брестская область

Берасцейцы прымаюць удзел у фестывалі “Кліч Палесся”, які стартуе сёння ў Ляскавічах

Сёння ў Ляскавічах, што на Гомельшчыне, адкрываецца ІІ фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”

Этнакультурны форум працягласцю ў два дні, у якім паўдзельнічаюць і берасцейцы, аб’яднае пад сваім крылом айчынных і замежных майстроў і рамеснікаў, а таксама шэраг самадзейных калектываў і прафесіянальных артыстаў беларускай эстрады.

Берасцейцы прымаюць удзел у фестывалі “Кліч Палесся”, які стартуе сёння ў Ляскавічах Мэта фестывалю самая што ні ёсць высакародная – захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый, якія з’яўляюцца здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі. У лік тых, каго сёлета паклікала Палессе, трапілі дэлегацыі Столінскага, Лунінецкага і Пінскага раёнаў. Першыя прадставяць ганчарства, другія – народныя абрады, а трэція акунуць гледачоў у чароўны свет ткацтва. Чым канкрэтна плануе здзіўляць удзельнікаў і гасцей фэсту дэлегацыя Піншчыны, у прыватнасці, расказала Тамара Лебядзеўская, начальнік аддзела культуры райвыканкама: – Для нас гэта не першы ўдзел у фестывалі “Кліч Палесся”. Летась нават прывезлі адтуль дыплом ІІ ступені – журы вельмі спадабалася наша ўвасабленне сельскага падвор’я. У складзе сёлетняй дэлегацыі – 65 чалавек. Гэта творчыя калектывы, майстры і гаспадарчая група. Збіраемся наладзіць імправізаваную вёску ткацтва. Усталюем сядзібу, упрыгожаную арыгінальнымі тканымі ручнікамі, абрусамі і іншымі самабытнымі прыладамі інтэр’еру. Акрамя таго, нашы майстры прадэманструюць працэс ткацтва, так мовіць, у дэталях: ад часання льну да стварэння гатовага вырабу.

На тэматычнай выставе таксама будзе на што паглядзець: прывезлі і ўнікальныя старыя ручнікі, якім ужо за 50 гадоў, і новыя не менш эксклюзіўныя работы. Літаральна на тыдзень апярэдзіў фестывальныя дзеі пленэр рэзчыкаў па дрэве “Драўляны цуд”. Ды экспанаты, створаныя падчас яго, стануць у Ляхавічах выдатнымі дэкарацыямі да сённяшніх і заўтрашніх этнакультурных відовішчаў. А размясціліся аўтарскія скульптуры каля Музея прыроды Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. З фестывалем “Кліч Палесся” перакрыжуецца і фінальная частка этнаграфічнага лагера “Летнік на Петрыкаўшчыне”, які стартаваў у аўторак. Удзельнікі лагера – практыкуючыя фалькларысты і этнографы – здзейснілі экспедыцыю ва ўлонне мясцовага фальклору, а яе вынікі будуць паказаны ў выглядзе майстар-класаў. Запланаваны конкурсная і канцэртная праграмы, выставы тэматычных рэгіянальных падвор’яў, дэгустацыя страў нацыянальнай кухні…

Усё для таго, каб покліч Палесся пачула як мага болей людзей.

Тамара ВАСІЛЬКОВА, “Народная Трыбуна”.