Куды знікаюць грошы за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, высвятлялі ў горадзе над Бугам.
Адмысловы сход быў арганізаваны ў двары дома нумар 12 па вуліцы Янкі Купалы. Грамадзяне дамагліся сустрэчы з прадстаўнікамі жыллёва-эксплуатацыйнай службы па пытанню дабраўпарадкавання і капітальнага рамонту свайго дома. З іх словаў, такая сустрэча па ліку першая за апошнія паўвека ў іх двары – роўна столькі год прайшло з моманту пабудовы іх дома.
Адна з ініцыятараў збору подпісаў да мясцовых уладаў па ўказаных праблемах Ірына Чарнабаева адзначыла, што сход меў даволі фармальны характар:
- Па сходзе ніякага акту ці іншай паперы не будзе, ніхто нідзе не паставіць подпіс. І як гэта ўсё пойдзе – незразумела. Дзяўчына штосьці напісала, але ці будзе гэта выканана – яна паабяцала лаўку, сметнікі паставіць - я не бачу канца, гэта проста жах. Капітальны рамонт нам нават і не свеціць, наколькі я разумею. Мы ўжо самі былі сабралі грошы і зрабілі маленькі рамонт, а ім нават рахунку не прадстаўлялі.
Прадстаўнікі ЖЭСа каментаваць нашаму радыё сітуацыю адмовіліся. У сваю чаргу актывіст кампаніі “Гавары Праўду!” Ігар Маслоўскі падкрэсліў, што згодна беларускага заканадаўства, жыхары не абавязаныя праводзіць рамонтныя працы ў сваім доме: гэта ўваходзіць у абавязкі структур ЖКГ. Грамадскі дзеяч не выключае, што адразу пасля атрымання адказу па комплексу праблем дома ад мясцовых уладаў будзе накіравана скарга ў суд.