Цэнтр Камянца, які прыме абласныя “Дажынкі”, уяўляе цяпер будаўнічую пляцоўку

9  Августа 2012 г.  в 21:00 : Недвижимость

БУДАЎНІК:
“Мы шмат што зробім. Гэта і дарогі, і дамы, і дахі. Акрамя гэтага і добраўпарадкаванне. Інфраструктура ўжо ўзрасла адназначна”.

Але для мясцовых жыхароў рамонтныя працы – гэта і безліч нязручнасцяў. Між іншага, выказваецца меркаванне, што рамонт з-за сціслых тэрмінаў нагадвае хутчэй касметычны.

ЖЫХАРЫ КАМЯНЦА:
“Робяць толькі цэнтральную вуліцу і ўсё. А на рамонт нашага двара грошай няма. Ужо абрыдлі сталыя лужы, у нашым двары таксама ж растуць дзеці. Вунь цеплатрасы памянялі, але з такой якасцю працы іх паразрывае зімою”.

Да “Дажынак” рабочыя мусяць адрамантаваць будынак райвыканкаму, цэнтральную плошчу, плошчу каля Камянецкай вежы. Пабудаваць фантан. А пры гэтым ужо на рамонт суседніх з райвыканкамам дамоў сродкаў не хапае, не кажучы пра ўскраіны гораду.

ЖЫХАРКІ КАМЯНЦА:
“Ды ніякім чынам не адчуваецца свята. І няхай пра гэта ведае з нашых вуснаў Лукашэнка, няхай пачуе губернатар Сумар. Ніякай дапамогі, падтрымання мы не адчуваем”.

Першапачаткова планавалася правесці “Дажынкі” пры канцы верасня, але ў сувязі з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў свята перанеслі на першы дзень месяца. Пры гэтым будаўнікі не маюць права спазніцца. У сваю чаргу жыхары Камянца выказваюць сумнеў, што рабочыя паспеюць закончыць працы ў тэрмін. Таму верагодна, што рабочым давядзецца ў аўральным рэжыме працаваць па шаснаццаць гадзінаў на содні.

БУДАЎНІК:
“Ды што тут паспяваць. Вядома, якія ж пытанні. На сваю працу мы даем пяць гадоў гарантыі. Будаўнікі абавязаныя выконваць рашэнні ўраду, дый не толькі”.

Да “Дажынак” засталося ўсяго тры тыдні, а закончаны адно толькі памятны знак Камянца.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Источник информации: http://.eu