Беларускае таварыства інвалідаў па зроку пры падтрымцы Міністэрства спорта і турызма падрыхтоўвае Чэмпіянат краіны па шахматах для людзей з хворым зрокам.
Гэта адное са спаборніцтваў, якое праходзіць у межах праграмы па рэабілітацыі інвалідаў. Ужо прайшлі абласныя спаборніцтвы і вылучаныя каманды ў Мінск. Брэсцкая вобласць падрыхтавала ўдзельнікаў з Брэсту, Іванава і Пінску.
Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі “БелТІЗ” Ірына Юрэня паведаміла, што гэта вельмі складана прыцягнуць людзей з абмежаванымі магчымасцямі да актыўнага жыцця і даць ім шанец на рэабілітацыю:
- Гэта шанец сябе рэалізаваць. Прыцягваючы людзей да гульні ў шахматы, мы прыглядаемся да іх, як да асоб. Да іх агульначалавечых і інтэлектуальных магчымасцяў. Калі чалавек мае ў жыцці нейкія абмежаванні, яму цяжка сябе рэалізаваць. А такое мерапрыемства дае магчымасць зносін, сустрэч, рэалізацыі сваіх інтэлектуальных магчымасцяў і пашырэння свайго кругагляду.
Спаборніцтвы пройдуць у Мінску з 20-га па 26-е сакавіка. Інтэлектуальную і спартовую рэабілітацыю актыўна выкарыстоўваюць ў заходніх краінах, адкуль пры супрацы бяруць прыклады беларускія спецыялісты.