Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў ААТ “Брэсцкі электрамеханічны завод” і УП “Гефест-тэхніка”

7  Февраля 2012 г.  в 17:18 : Политика, власть, оппозиция

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў ААТ “Брэсцкі электрамеханічны завод” і УП “Гефест-тэхніка”

У мінулы аўторак увага кіраўніцтва вобласці была прыкавана да прамысловага сектара Брэстчыны. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў некалі горадаўтваральнае прадпрыемства “Брэсцкі электрамеханічны завод” і паспяховае сёння УП “Гефест-тэхніка”. Гутарка ішла пра перспектывы развіцця абодвух прамысловых аб’ектаў.
Інтарэс кіраўніка вобласці менавіта да электрамеханічнага завода цалкам матываваны: на постсавецкай прасторы брастаўчанам не было роўных у вырабе перыферыйных прылад для электронна-вылічальнай тэхнікі, а штат прадпрыемства налічваў каля 14 тысяч завадчан. Сёння тут працуе прыкладна тысяча чалавек і каля 90 працэнтаў усёй прадукцыі завода прыходзіцца на долю сельскагаспадарчага абсталявання.
На дадзеным этапе пад гандлёвай маркай “Бярэсце” таксама наладжаны выпуск медыцынскай тэхнікі, бытавых лічыльнікаў расходу газу, лічыльнікаў камерцыйнага ўліку спажытай электраэнергіі. Наконт адносна новых тавараў галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Завадскі запэўніў: з гэтымі прыборамі розніца ў аплаце за камунальныя паслугі будзе адчувальнай. Канстанцін Сумар параіў завадчанам у такім выпадку не эканоміць на якаснай рэкламе і прапагандзе канкурэнтаздольнай прадукцыі. Спажыўцы павінны ведаць, за што яны плацяць грошы. Сёння ж многія брастаўчане аб перавагах айчынных лічыльнікаў ад Брэсцкага элекрамеханічнага завода могуць толькі здагадвацца, а яны, аказваецца, дазваляюць істотна эканоміць электраэнергію.
 

– Трэба павялічваць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі менавіта электронікі, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама. – Задачай на 2012-ы павінен стаць экспарт прадукцыі, а дакладней – імкненне да станоўчага сальда. Зараз прадпрыемства больш купляе, чым прадае. І галоўнае – не варта забываць пра новыя рынкі збыту і працаваць пад заказ. У гэтым плане ўжо ёсць пэўныя напрацоўкі і маршруты – у прыватнасці, Расія, Казахстан, Украіна. Не перашкодзіла б заняць сваю нішу і ў вытворчасці запасных частак для тэхнікі, якую пастаўляе завод. Калі гэтыя задачы будуць выкананы (а такая ўпэўненасць у мяне ёсць), то прадпрыемства не проста наросціць магутнасці, але захавае працоўныя месцы і нават зможа павялічваць людзям зарплаты.
 

На другім па ліку пункце прызначэння – унітарным прадпрыемстве “Гефест-тэхніка” – Канстанцін Сумар таксама пазнаёміўся з ходам мадэрнізацыі. Перспектыўны прамысловы аб’ект, дарэчы, з’явіўся напрыканцы 2004 года, калі СП ААТ “Брэстгазаапарат” набыло новыя плошчы на базе машынабудаўнічага завода. Сёння тут паспяхова спраўляюцца з выпускам электрычных і газаэлектрычных пліт, паветраачышчальнікаў розных тыпаў. Прадпрыемства мае статус рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, яго прыбыткі за мінулы год дасягнулі прыкладна 500 мільярдаў рублёў, а сярэдняя заработная плата працаўнікоў вагаецца ў межах 4 мільёнаў. Як паведаміў падчас размовы з Канстанцінам Сумарам Анатоль Марозаў, генеральны дырэктар СП ААТ “Брэстгазаапарат”, перспектывы далейшага развіцця вытворчасці ён звязвае з яшчэ большым пашырэннем плошчаў, за кошт гэтага на заводзе з’явяцца і новыя працоўныя месцы.
Нягледзячы на тое, што на Брэстчыне адчуваецца значны перакос у бок аграрнага сектара, прамысловасць усё роўна застаецца ў зоне павышанай цікавасці. Развіццю гэтай сферы дзейнасці, адзначыў Канстанцін Сумар, будзе надавацца пільная ўвага і ў новым годзе.
 

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў ААТ “Брэсцкі электрамеханічны завод” і УП “Гефест-тэхніка”

Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.