У Брэсце кваліфікаванаму рабочаму прапанавалі стаць прыбіральшчыкам тэрыторыі. Машыністу вежавага крана Аляксандру Сахаруку параілі заняцца іншаю працаю, пакуль праца кранаў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Талант” часова прыпыненая.
Працоўнаму прапанавалі падпісаць наказ пераводу яго ў прыбіральшчыкі тэрыторыі. Ён палічыў гэта прыніжэннем і звярнуўся ў суд з мэтаю патрабавання кампансацыі маральнай шкоды і прызнання перавода незаконным. Аляксандр Сахарук лічыць, што такім чынам кіраўніцтва спрабуе аказаць на яго ціск:
- Тое, што адбылося са мною, паказвае, што адміністрацыя цісне на дысцыплінаваных, адказных, старанных работнікаў. Такія не патрэбны ні “Таланту”, ні нашай краіне. Ні адзін я, кранаўшчык, у такім становішчы. Нас паставілі ў такое становішча, каб мы звальняліся.
Згодна з Працоўным Кодэксам Рэспублікі Беларусь, наймальнік мае права пераводзіць часова працоўнага на іншую працу толькі ў сувязі з медыцынскім заключэннем. У дадзеным выпадку, са словаў Аляксандра Сахарука, наймальнік не патрабаваў ад яго медыцынскага заключэння пра прыдатнасць да вышэйназванай працы.
Шукаць рашэнне ў гэтай сітуацыі будзе 13-га лютага суд Маскоўскага раёну горада Брэста.