У Брэсце адбыўся ІІІ адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”

22  Мая 2009 г.  в 19:53

У Брэсце адбыўся ІІІ адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”Магчыма, здзівіўся, убачыўшы ў мінулую пятніцу на тэрыторыі абласнога Цэнтра творчасці моладзі мноства юнакоў і дзяўчат у народных касцюмах. Спачатку дзеці і падлеткі выканалі старажытны вясновы абрад “Варадарка”, а потым пад музыку і песні ўрачыста ўвайшлі ў будынак... Так пачаўся ІІІ адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”.

Гэтае свята аб’яднала ў сценах Цэнтра творчасці моладзі больш за тысячу чалавек - удзельнікаў васьмідзесяці васьмі беларускіх і трох замежных калектываў. Гасцямі ж “Радавода” сталі юныя выканаўцы з Германіі, Польшчы і Харватыі. Дарэчы, артысты з дзвюх названых апошнімі краін выступілі пасля фестывалю ў Камянюкскай школе і здзейснілі экскурсію па Камянецкім раёне.

Яшчэ да пачатку конкурснай праграмы ў габеленавай зале Цэнтра творчасці моладзі з’явіўся амаль казачны “Горад майстроў”. Чаго толькі не было на гэтай выставе народнай творчасці: незвычайнай прыгажосці вырабы з дрэва, гліны, саломы і іншых матэрыялаў, вышыўка, выцінанка, дэкаратыўнае пано... Амаль усё гэта - справа рук выхаванцаў пазашкольных устаноў адукацыі і агульнаадукацыйных школ нашай вобласці. Некаторыя юныя майстры стваралі свае маленькія “цуды” проста на вачах гасцей незвычайнага “горада”! А вось, напрыклад, удзельнікі клуба “ЮНЕСКА” “Погляд” Іванаўскага цэнтра дзіцячай творчасці прывезлі з сабой этнаматэрыялы, сабраныя імі ў велаэкспедыцыі “Традыцыі продкаў”. Дарэчы, на думку незалежнага экспертнага журы, якое ўзначальваў сталічны этнахарэограф Мікалай Козенка, вартай асаблівай увагі аказалася экспазіцыя Брэсцкага раёна.

Працавала тут і вельмі смачная выстава “Бабуліна кухня”. Знайшлося шмат жадаючых не толькі паглядзець на традыцыйныя беларускія стравы, але і пакаштаваць іх, узяць рэцэпты найбольш упадабаных. Тым больш што цяпер становіцца “модным” весці здаровы лад жыцця, якое немагчыма без правільнага харчавання.

Вось, напрыклад, завітаем у фітабар “У мачульскай знахаркі”. Удзельнікі фестывалю са Століншчыны здзівілі наведвальнікаў выставы адварам мядовым “Усе здаровы!”, напоямі з хвашчу “Бывай здарова, цешча”, са зверабою “Мы здаровы з табою” і “Смародзінка - уцякай, хваробінка!” А яшчэ - піражкамі ў форме птушак-жаваранкаў.

Вельмі апетытнай была экспазіцыя кандытарскіх вырабаў выхаванцаў гуртка “Гаспадынька” цэнтра пазашкольнай працы пры Жамчужнінскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна. “Сакрэты” ж прыгатавання печыва кіраўнік Галіна Харавец і яе вучаніцы ўсім жадаючым раскрывалі з вялікім задавальненнeм.

Самабытныя беларускія стравы прапаноўвалі наведвальнікам “Бабулінай кухні” таксама іншыя раёны вобласці. Асабліва ж, на думку журы, вылучаліся пачастункі з Іванаўшчыны (“Бабка маркоўная”, “Бульбішнікі”, “Галёны”, “Прысыпанка” - смачней не бывае!) і Камянеччыны. З традыцыйнымі стравамі апошняга з названых раёнаў гасцей пазнаёмілі прадстаўнікі Высокаўскага цэнтра пазашкольнай працы. Гэта і маслякі смажаныя, і бульбяны “Хвораст”, і піражкі з капустай, і тварожны пірог з разынкамі... Гэта вам не сучасныя паўфабрыкаты - ніякіх кансервантаў і араматызатараў!

І ў “горадзе майстроў”, і на “бабулінай кухні” была настолькі цёплая атмасфера, што кожны адчуваў сябе не тое што жаданым госцем - часткай вялікай дружнай сям’і, дзе шануюць беларускія традыцыі, умеюць добра працаваць і адпачываць. Была тут і магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі народнымі касцюмамі, якія ў кожным раёне маюць свае адметныя рысы. Тое, што сапраўды апраналі ў маладосці нашы бабулі, рэканструяваная вопратка па старажытным узоры, сучасныя мадэлі ў фальклорным стылі - усё гэта можна было ўбачыць падчас і без таго цікавай праграмы фэсту.

Праект “Радавод” мае на мэце аднаўленне, пераемнасць і папулярызацыю народнай спадчыны Брэстчыны, а таксама прыцягненне ўвагі да праблем выхавання дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва. Выяўленне і вяртанне ў практыку разнастайных форм аўтэнтычнага фальклору свайго краю і далучэнне дзяцей да традыцыйнага мастацтва шляхам яго вуснага пераймання – галоўныя задачы.

- Хто не дбае пра сваё, той не цэніць і чужога. Гэтая народная мудрасць дапамагае нам зразумець, што толькі праз нацыянальнае ўсведамляецца, параўноўваецца і спасцігаецца агульначалавечае. Наш фестываль з’яўляецца таму яскравым доказам, - упэўнены дырэктар мерапрыемства, намеснік дырэктара абласнога Цэнтра творчасці моладзі Алег Клунін. - Сёння носьбітамі фальклору з’яўляюцца людзі сталыя, а яго героямі і выканаўцамі (асабліва ў песенна-харэаграфічнай плыні!) - пераважна маладыя. Найбольш жа поўна глыбіня і прыгажосць народнай песні і танцаў можа раскрывацца, калі іх у жыццё нясе моладзь. Не толькі нясе як узор, а становіцца сутворцам, працягваючы гэты няспынны загадкавы працэс, які стагоддзямі жывіў душу народа.

З гэтай думкай цалкам згодныя і ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, што адбылася ў рамках “Радавода” па тэме “Праблемы перадачы і захавання фальклору”.

- Сваю малую радзіму варта вывучаць разам з дзецьмі, якіх спярша трэба ў гэтым зацікавіць, - упэўнена каардынатар праекта “Радавод” Вера Волкава, метадыст аддзела мастацкай самадзейнасці абласнога Цэнтра творчасці моладзі. - Вывучаць не па кнігах, а падчас летніх фальклорных экспедыцый, каб дзеці на свае вочы бачылі выкананне старажытных абрадаў і, магчыма, удзельнічалі ў іх, спявалі разам з бабулямі... Толькі тады яны будуць больш паважліва адносіцца да прадстаўнікоў старэйшага пакалення і захоўваць нацыянальныя традыцыі.

Своеасаблівым працягам канферэнцыі стала сустрэча яе ўдзельнікаў з носьбітамі фальклору Брэсцкага раёна, якія за развіццё і зберажэнне фальклорнага мастацтва атрымалі ад аргкамітэта фестывалю спецыяльныя дыпломы і салодкія падарункі.

Дыпломы “За развіццё і зберажэнне фальклорнага мастацтва” падрыхтавала і ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, але ўжо як узнагароду аддзелам адукацыі тых раёнаў, чые калектывы яскрава праявілі сябе ва ўсіх напрамках фестывальнай праграмы. Гран-пры аказаліся вартымі прадстаўнікі Іванаўшчыны, дыплома першай ступені - Брэсцкага, а другой і трэцяй - Столінскага і Драгічынскага раёнаў адпаведна.

Варта назваць і тых, каму належыць першынства ў асобных намінацыях. Гэта калектыў “Палескія плясуны” Столінскай сярэдняй школы №2 (“Танцавальны фальклор”), “Зовзулэнька” Мяднянскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна (“Змешаны калектыў”), “Дварэцкія музыкі” і “Сунічка” Дварэцкай і Вулькаўскай школ Лунінецкага раёна (“Інструментальны ансамбль”), вакальная група “Крыніца дабрыні” і харэаграфічны калектыў “Ваяж” (“Фольк-мадэрн”). Што ж датычыцца пераможцаў у выкананні фальклорных побытавых танцаў, то журы адзначыла ўдзельнікаў з гімназіі №3 г. Брэста і Антопальскай сярэдняй школы, а таксама ўзгаданую ўжо “Сунічку”. Дарэчы, у гэтым спаборніцтве прымалі ўдзел 120 танцавальных пар!

Адразу ва ўсіх намінацыях, на думку судзейскай калегіі, добра выступілі вучні Баранавіцкай трэцяй школы. Але, трэба сказаць, абсалютна ўсе калектывы паказалі сябе з найлепшага боку, нездарма ж яны паспяхова прайшлі раённыя туры фестывалю, у якіх прымалі ўдзел больш за адзінаццаць з паловай тысяч вучняў!

Так, атрымалася сапраўднае свята фальклорнага мастацтва, якое аб’яднала прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў. Заўважым, сёлетні фестываль адбыўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Год роднай зямлі”. Арганізавалі яго ўпраўленне адукацыі і аддзел па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, абласны камітэт БРСМ і абласны Цэнтр творчасці моладзі.
 

Алена ГАРМЕЛЬ