У археалагічным музеі “Бярэсце” рыхтуюць новыя экспазіцыі пад агульнаю назваю “Займальная археалогія”. Падставаю для падрыхтоўкі стала ўсталяванне дрынажнай сістэмы, падчас якой былі знойдзеныя новыя экспанаты.
У музеі з’явяцца дадатковыя часткі нумар 13 і 14. Першая частка стане прадметам раскопак для ўсіх ахвотных, а другая частка будзе распавядаць пра прафесію археолага.Загадчыца Брэсцкага абласнога краязнаўчага музею Святлана Шчэрба распавядае пра тое, як гэта будзе выглядаць:
- Мы збіраемся змадэляваць археалагічны раскоп, дзе ўсе змогуць сябе адчуць археолагамі. Там будзе ўчастак, запоўнены зямлёю. І вось у гэтай зямлі будуць знаходзіцца фрагменты керамікі, фрагменты ізразцоў, фрагменты металічных вырабаў, дрэва. І кожны вучань, знаходзячыся на гэтых занятках, зможа пры дапамозе прылад, якія выкарыстоўваюць сапраўдныя археолагі, падняць пласт зямлі.
Для археолагаў, са словаў Святланы Шчэрбы, знойдзеныя фрагменты глінянай пасуды і металічных вырабаў не ўяўляюць сабою скарбаў, менавіта таму было вырашана іх выкарыстаць ў частцы экспазіцыі “раскопкі”.
Тэрмін падрыхтоўкі “Займальнай археалогіі” пакуль не вызначаны.