Вызначаны пераможцы XV абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод аператараў паштовай сувязі і паштальёнаў

6  Сентября 2011 г.  в 11:10 : Праздники, события, мероприятия

Менавіта ім давядзецца праз два тыдні даказаць сваю прафпрыгоднасць на рэспубліканскім конкурсе. Пакуль жа жанчыны прымаюць віншаванні ў сваіх калектывах і згадваюць самыя цікавыя моманты спаборніцтва.
А ўспамінаць ёсць што. Бо конкурс прафесійнага майстэрства праводзіўся не толькі дзеля павышэння цікавасці работнікаў да сваёй прафесіі, а каб паказаць прафесіянальныя і творчыя здольнасці, павысіць імідж паштавікоў. Адказна, крэатыўна, рупліва падышлі да яго ўсе раённыя вузлы паштовай сувязі і цэх паштовай сувязі горада Брэста. Кожная з 16-і каманд-удзельніц паказала і тэарэтычную падрыхтаванасць, і практычную работу. Журы на чале з намеснікам Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Вольгай Юрашэвіч атрымала задавальненне ад работы канкурсантаў. А яны і спявалі, і вершы расказвалі, і пірагамі частавалі – усё дзеля таго, каб пераканаць суддзяў, што перад імі сапраўдныя прафесіяналы.

Запамінальнай атрымалася праверка “хатніх заданняў”. Удзельнікі юбілейнага конкурсу падрыхтавалі выступленні па тэмах “Працоўнае месца па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў” і “2011 год – Год прадпрымальнасці на пошце”. Канкурсанты ўнеслі шэраг рацпрапаноў, як палепшыць паштовую сувязь, зрабіць больш эфектыўнай работу аператараў і паштальёнаў, чым яшчэ парадаваць кліентаў.

Пастараліся ўсе ўдзельніцы. Ім за гэта ад прафсаюзнай арганізацыі ўручылі падарункі. Кветкі, граматы, грашовыя прэміі і падарункі атрымалі прызёры і пераможцы. Ведайце: самы прафесійны аператар паштовай сувязі працуе ў Брэсце ў цэху паштовай сувязі – Наталля Нагорная спадзяецца сваё першае месца абласнога конкурсу ператварыць у такое ж на рэспубліканскім. Сярод паштальёнаў перамагла Таццяна Ціханчук з аддзялення паштовай сувязі Пружаны-3. Як заўважыла дырэктар Брэсцкага філіяла “Белпошты” Валянціна Пух, чароўнасць, прафесіяналізм і адданасць прафесіі абавязкова дапамогуць камандзе паштавікоў Брэстчыны годна выступіць на рэспубліканскім конкурсе.

Вызначаны пераможцы XV абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод аператараў паштовай сувязі і паштальёнаў

Сабіна ГАРАЕВА, студэнтка БрДу імя А.С. Пушкіна.

Источник информации: http://www.tribune.by