Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Пінску замест Харужай будзе вуліца кардынала Свёнтка

29  Августа 2011 г.  в 17:03, показов: 2818 : Брестская область

Не чакаючы на верасень, у Пінску прайшло паседжанне Гарадской камісіі па назвам вуліц, якая прыняла рашэнне перайменаваць вуліцу камуністычнай дзеячкі Заходняй Беларусі, Героя СССР Веры Харужай у вуліцу імя кардынала Казіміра Свёнтка.

Вуліца будзе праходзіць ад набярэжнай да пешаходнай Леніна, плануецца, што да вуліцы Свёнтка аднясуць і адрас касцёла ў якім пахаваны каталіцкі іерарх. Рашэнне Камісіі мусіць зацвердзіць гарвыканкам.

Літаральна некалькі дзён таму Валянціна Кулак, кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Пінскага гарвыканкаму, якая і праводзіла паседжанне, адзначыла, што сітуацыя з вуліцай вырашыцца да канца наступнага месяца. Кавалак вуліцы Веры Харужай у Пінску ўсё ж застанецца, бо ў скверы насупраць КДБ за савецкім часам ёй быў пастаўлены помнік.

Пінскі краязнаўца Эдвард Злобін вітае такое рашэнне, бо для пінчукоў ксёндз-кардынал зрабіў вельмі шмат і вуліца яго імём можа быць толькі ў цэнтры Пінска, каля катэдры:

- У Пінску ён закончыў духоўную семінарую ў 1939 годзе. З Пінска атрымаў прызначэнне на вікарыя ў Пружаны. Менавіта ў Пінск ў 1954 годзе ён вярнуўся з высылкі. Дзякуючы менавіта яго дзейнасці, яго стойкасці, яго барацьбе касцёл Дзевы Марыі не перабудавалі, як планавалася, у бровар.

Пінскія актывісты не могуць канкрэтна адказаць, чаму так хутка прынята рашэнне, нягледзечы на ранейшыя заявы ўладаў горада - ці гэта наказ ад кіраўніцтва Брэсцкай вобласці, ці паўплывалі просьбы грамадства і СМІ. Яшчэ не вядома, калі рашэнне Камісіі зацвердзіць гарадская адміністрацыя.

Зміцер Кісель, Радыё Рацыя.


Дзе будзе вуліца кардынала Казіміра Свёнтка ў Пінску?

Пінскія краязнаўцы прапаноўваюць свае варыянты, дзе можа знаходзіцца вуліца ў гонар кардынала Казіміра Свёнтка. Пакуль улады яшчэ не склікалі Камісію па назвам вуліц.

На думку старшыні Пінскага аддзялення Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяны Хвагінай і былога старшыні упраўлення па ахове гістарычных помнікаў Пінскага райвыканкама Эдварда Злобіна, вуліца павінна быць побач касцёла.

На ўсход ад пінскай катэдры - вуліца Веры Харужай, а на захад – Камсамольская. Краязнаўцы прапаноўваюць частку адной з гэтых вуліц перайменаваць у гонар кардынала, бо на іх думку надаваць імя вуліцы дзе-небудзь у новым мікрараёне, на ўскрайку, будзе насмешкаю.

Усё вырашыць Камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў улады і праўладных дзеячаў, таму Эдвард Злобін кажа, што большы распаўсюд інфармацыі ў СМІ магчыма зможа паўплываць на рашэнне Камісіі:

- У пачатку 90-х увялі мараторыі, у пачатку 2000-х ужо цалкам пра іх ніхто не ўспамінаў. Назвы новых вуліц даюцца новым мікрараёнам, у асноўным раёнам з прыватнай забудовай. Перад усім, каб гэта не была нейкая вуліца на завуголлі, на акраінах, названая проста безсенсоўна. Камісія, насамрэч, пры гарвыканкаме існуе. Наколькі я ведаю, яе ўзначальвае намеснік старшыні Аляксандр Альфрэдавіч Канеўскі.

Краязнаўцы кажуць, што гэта вельмі важная падзея, бо імя кардынала вядома далёка не толькі за межамі краін Еўропы. Казімір Свёнтак захаваў касцёл, не даўшы яго ператварыць у броварны завод, не даў знішчыць пінскія каталіцкія могілкі, дзе знайшлі свой спачын Агінскія, Орды, Скірмунты, Тышкевічы, адрадзіў дзейнасць каталіцкіх вучэльняў. Таму, па меркаванні Хвагінай і Злобіна, гэта неабходна ўлічваць.

У Пінску замест Харужай будзе вуліца кардынала Свёнтка

Зміцер Кісель, Радыё Рацыя.

Источник информации: http://new.racyja.com/




Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации на сайте или в чате Telegram