Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Успаміны аб кардынале Казіміру Свёнтку

2 22  Августа 2011 г.  в 16:01, показов: 2504 : Брестская область

Два дні, у суботу і нядзелю, у пінскім касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі адбываліся ўрачыстыя набажэнствы ў 30-ы дзень пасля смерці Казіміра Свёнтка, першага беларускага кардынала пасля 1798 года. За душу памерлага іерарха малілася каля 25 святароў і вернікі розных канфесій, якія прыйшлі ўшанаваць памяць кардынала не толькі як каталіцкага святара, але і дзеяча, дзякуючы якому захавалася гістарычная спадчына.

Зміцер Кісель сустрэўся з пінчукамі, якія пасля вяртання Казіміра Свёнтка з лагероў, у якіх будучы кардынал адсядзеў 10 гадоў (1944-1954), прынялі яго ў сваю сям’ю, дапамагалі і ахоўвалі ад магчымых правакацый камуністаў.

Першай сваімі ўспамінамі падзялілася рэпрэсаваная бальшавікамі Хелена Шаламіцкая, якую вывозілі ў цягніку ў Сібір у другі дзень вайны.

Хелена Шаламіцкая (1927 год нар.):

- Нарадзілася ў Пінску і ўвесь час тут жыву акрамя пяці гадоў, якія правяла ў Сібіры, куды нас вывезла “нашая” ўлада ў 1941 годзе. Хацела б падкрэсліць, што з такіх лагероў вяртаўся і наш Казімір Свёнтак у 1954 годзе. Так склалася, што нашая сям’я вельмі хутка з ім пазнаёмілася, бо мелі мы да хрышчэння дзіця. Зналіся мы ўсе гэтыя гады, ведалі яго, як паважанага, мудрага чалавека ў асабістых справах, а як каплана, то няма пра што і гутарыць. Быў цудоўны каплан, добра прамаўляў, да людзей добра ставіўся. Заўсёды хадзіў да хворых. Гэта нармальная справа, што кожны хоча ахвяраваць ксяндзу на касцёл за яго працу, каб неяк падтрымаць, хто што і колькі можа. Казімір Свёнтак, калі хтосьці быў бедны, заўсёды бясплатна адпяваў альбо хрысціў, дапамагаў. Вельмі шанавалі яго. Мой муж сябраваў з ксяндзом і вельмі за яго турбаваўся, каб нічога з ім не здарылася. Заўсёды яго праводзіў да дому і чакаў пакуль той закрые дзверы, бо што тут казаць, і раней, як і зараз розныя людзі. Сам ксёндз браў удзел у рамонце касцёлу. Муж мне казаў: “Ведаеш Галюсю, што наш ксёндз Казімір Свёнтак як “кот па драбіне” лазіў. Раз-раз і ўсё – на даху сядзіць”. Разам прыбіралі могілкі на вуліцы спакойнай. Ён заўжды рабіў нейкія прылады, працаваў з намі. Неяк мы яму кажам, каб ён не працаваў так хуценька, але заўсёды нам казаў, што нічога кепскага ў гэтым няма, што гэта карысная справа. Памятаю, як шлюб рабілі сыночку майму, дык усе дзверы былі закрытыя, час быў такі…

Лілія Муравейка, старшыня Пінскай арганізацыі Саюзу палякаў:

- Ведала кардынала Казіміра Свёнтка з 1990 года. Упершыню з ім спадкалася, калі мне было 20 гадоў і з яго рук прыймала першую святую камунію. У першую чаргу, гэта добры і вясёлы чалавек, які добра адносіўся да ўсіх, шанаваў кожнага. Вельмі добра ставіўся не толькі да каталіцкіх вернікаў, заўжды казаў аб неабходнасці салідарнасці ў праваслаўныя святы з вернікамі царквы. Значная роля яго ў падтрымцы гэтага сяброўства, яднання і разумення. Ніколі не дзяліў людзей і ўсе былі для яго роўныя. Ён аб’ядноўваў людзей.

Альбіна Смоўка (1928 год нар.):

- Ксяндза-кардынала пазнала з таго маманту, калі ён прыехаў да нас у 1954 годзе. Па прыходах у касцёл пазнаёміліся, сябраваў з усёй нашай сям’ёй, быў частым госцем у нашым доме. Ездзілі з мужам на паляванне, на рыбалку, але ён ніколі не страляў. Браў з сабою фотаапарат і заўсёды здымаў, гэта было яго ўлюблёным хобі. Раз пытаю мужа, калі ён вяртаецца: “А што, нічога не маеш?” На што ён мне адпавядае: “Слухай, ну забіў, але ж як я забяру, аддаў ксяндзю, ён жа не палюе”. Як быў рамонт касцёла, як ён яго рабіў, кожны дапамагаў чым толькі мог, нешта насілі, прапаноўвалі ўсім горадам. Было патрэбна выпісаць дрэва, дык ксёндз звяртаўся да мужа, бо той меў магчымасці дамовіцца. Мой звяртаўся да ляснічых, прасіў, выпісваў яму прыволі пад дом. Вечарам тэлефанаваў кардыналу і казаў, што можыце забіраць, справа зроблена і так было і з фарбаю. Цяпер ходзім да касцёлу і як уваходзім, смутна, морак. Не хачу верыць, што яго больш з намі няма…

Кожны, хто наведваў пінскі касцёл у чацвер, ці нядзелю, меў магчымасць спусціцца ў крыпту, дзе пахаваны Казімір Свёнтак і памаліцца каля труны ксяндза-кардынала.

Чакаецца, што ў хуткім часе ў Пінску з’явіцца вуліца імя Казіміра Свёнтка, але гэта яшчэ мусяць вырашыць улады. Грамадскасць горада спадзяецца, што гэта не будзе вуліца дзесьці на аколіцах палескай сталіцы, а ў самім сэрцы месца, каля касцёлу, у якім кардынал знайшоў вечны спакой.

Источник информации: http://new.racyja.com/news/malitvy-za-kardynala-sventka-u-pinsku-dadalosya




Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации на сайте или в чате Telegram


Васіль_гость 2011-08-22 22:56
Пытанне ўсім: Колькі ж у Беларусі такіх дурняў як Тома?
↑ 0 ↓

Тамара_гость 2011-08-22 22:22
Почему, вы умные люди, пишите на белорусском из Пинска, где люди говорят на совсем другом. А польский иерарх, достойный уважения, никогда не был на своем месте. Не насилуйте людей.
↑ 0 ↓


Страницы: [1]