Цырымонія развітання з кардыналам Казімірам Свёнткам у Пінску пачнецца ў нядзелю, 24-га чысла з ранішняй імшы. Унутры двара касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі рыхтуюць пляцоўку для вяшчання паніхіды на вуліцы, а таксама для тэле- і радыётрансляцыі анлайн.
Біскуп дапаможны Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец распавёў аб хадзе развітальных мерапрыемстваў:
– Першая святая жалобная імша будзе адпраўлена ў Мінску ў 13-ць гадзін, а таксама і вечарам у 19.30. Пасля гэтага труну кардынала перавязуць ужо ў Пінск. Тут мы яго сустрэнем і ў кафедры ўсю нядзелю, увесь дзень ён будзе ў кафедры, будуць людзі развітвацца, маліцца за яго, а вечарам мы ўжо адспяваем жалобны малебен за ксяндза-кардынала. У панядзелак, 25-га будзе пахаванне.
Кардынала пахаваюць у крыпце пад галоўным алтаром.У пінскай катэдры пры ўваходзе з левага боку пахаваны першы пінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі, труну якога ад бальшавіцкай улады доўгі час заховаў Казімір Свёнтак, ён жа адыграў адную з галоўных роляў ушанавання культу біскупа.