«Беларускі Буквар» і «Вынаходства Буквара ў Беларусі» (адаптацыя для дзяцей)

3  Марта 2022 г.  в 22:06 : Разное: обо всём понемногу

3 сакавіка ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя грунтоўных выданняў даследчыка, культуролага, кнігазнаўцы Алеся Сушы «Беларускі Буквар» і «Вынаходства Буквара ў Беларусі».

Падчас працы над манаграфіямі аўтар выкарыстаў больш за 1000 архіўных і апублікаваных крыніц, каля 700 здымкаў з фондаў 68 устаноў і прыватных калекцый розных краін (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Ірландыя, Італія і інш.).

Буквар — гэта асаблівая кніга для кожнага чалавека. Менавіта з Буквара пачынаецца знаёмства з навукай, праз Буквар дзеці атрымліваюць першыя веды аб сваёй Радзіме, народзе і культуры, гістарычных падзеях і асобах. Буквар — гэта кніга, якая фарміруе нацыю праз яе адметнасці, захоўвае і перадае нацыянальны код.
«Беларускі Буквар» Алеся Сушы — гэта першая фундаментальная навуковая праца ў гісторыі букварыстыкі не толькі Беларусі, але і блізкага замежжа, якая дае магчымасць прасачыць гістарычны шлях Буквара ад першых рукапісных выданняў да сучаснасці. У год Гістарычнай памяці гэта вельмі сімвалічна.

Мерапрыемства сабрала шмат зацікаўленых: выкладчыкаў і настаўнікаў, гісторыкаў і краязнаўцаў, моладзь.